ФЯДО́СКІНСКАЯ МІНІЯЦЮ́РА,

рускі нар. мініяцюрны жывапіс на лакавых вырабах з пап’е-машэ (куфэрках, табакерках і інш.). Засн. ў 1798 П.​Корабавым у с. Данілкава, якое пазней злілося з суседнім сялом Фядоскіна Мыцішчынскага р-на Маскоўскай вобл. У канцы 19 ст. вытв-сць перайшла да П.​Лукуціна. «Лукуцінскія» майстры стварылі арыгінальную школу мініяцюры. якая вылучалася вытанчанасцю малюнка, маляўнічай дэкаратыўнасцю. Характэрныя прыёмы пісьма — кампазіцыі на чорным лакавым фоне з лесіроўкай па перламутры, сусальным золаце і серабры, упрыгожванне інкрустацыяй, «шатландкай» (каляровай сеткай з тонкіх ліній або палос), узорам «пад чарапаху». Пашыраныя сюжэты 19 ст. — катанне на тройках, чаяванне, танец, копіі карцін і партрэтаў, нацюрморты. З 1910 — «Фядоскінская саматужная арцель» (пазней — фабрыка). У 1931 арганізавана Фядоскінская маст. школа, якая прадоўжыла традыцыі «лукуцінскіх лакаў». З 1950-х г. побач з традыц. сюжэтамі пашырыліся казачныя, быт., пейзажныя. У 1980—90-я г. ўзрасла цікавасць да прадметнай формы.

Літ.:

Федоскино=Fedoskino: [Лаковая миниатюра: Каталог]. Калининград, 1996.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Фядоскінская мініяцюра. Шкатулка «Тройка». 1880-я г.

т. 16, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)